Тут зямля, як матчына далонь

Раздзел змяшчае ўспаміны Івана Пятровіча аб малой радзіме, успаміны ўвогуле, уражанні аб паездках, апошнія інтэрв’ю. Таксама ўключаны матэрыялы, што расказваюць аб родных мясцінах пісьменніка

Веска Карма – свайму слыннаму земляку

«Паводле рашэння аматараў творчасці і землякоў народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, Героя Сацыялістычнай Працы Івана Пятровіча Шамякіна ў весцы Карма Добрушскага раена будзе ўстаноўлены яго бюст. Згодна з пратаколам аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны і Добрушскім раенным выканаўчым камітэтам, у мэтах папулярызацыі творчасці пісьменніка ў Карме будзе створаны таксама яго музей з філіялам у райцэнтры.
Акрамя таго, дакументам прадугледжана заснаванне адной імянной стыпендыі І. Шамякіна для студэнтаў філалагічнага факультэта ГДУ.»

… І леснічоўка з печчу пасярод. Таісія Лысова

Сення пра веску Карму Добрушскага раена ведаюць далека за межамі Беларусі. Пабываць у ей імкнуцца людзі розных узростаў. Штотыдзень на плошчы ля блакітнай царквы спыняецца па некалькі аўтобусаў з экскурсантамі і паломнікамі да мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага. А вось пра тое, што веска цесна звязана з імем яшчэ аднаго Іаана, народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна, ведаюць, бадай, не ўсе. Невыпадкова ў Добрушскім райвыканкоме нядаўна з’явілася хадайніцтва Кармянскага сельскага Савета аб устаноўцы ў вёсцы помніка класіку беларускай літаратуры, маленства якога прайшло менавіта тут. Сам Шамякін не раз згадваў, што нарадзіўся ў мясцінах, дзе пеўні «спяваюць на трох мовах» на тры рэспублікі: Беларусь, Расію і Украіну. Непаўторнасць прыроды палескага памежжа глыбока запала яму ў душу і шчодра дарыла творчае натхненне. Паводле слоў старшыні Кармянскага сельвыканкома Веры Траценнікавай, землякі мараць убачыць скульптурны помнік пісьменніку ля будынка мясцовай бібліятэкі, колькасць наведвальнікаў якой, на шчасце, не змяншаецца з распаўсюджваннем «больш модных» крыніц інфармацыі. — Узрост нашых чытачоў разнастайны і густы разнастайныя, — распавядае загадчыца Кармянскай бібліятэкі Антаніна Якушэнка. — Ну а што да кніжак Шамякіна, то цікавасць да іх пастаянная. У фондзе бібліятэкі шмат твораў з аўтарскімі аўтографамі і традыцыйным надпісам: «Маім землякам-кармянцам». Мяне заўсёды цікавіла мая радаслоўная, — пісаў Іван Пятровіч у сваіх дзённіках. — Хто былі мае прадзеды, дзяды? Сяляне, безумоўна. Але якія яны былі? Працавітыя, дзелавыя, разумныя ці непаваротлівыя, безыніцыятыўныя? Помню я толькі сваіх дзядоў, больш — па бацькавай лініі, менш — па матчынай… Дзед па бацьку — Міна Васільевіч Шамяка, у хаце яго прайшло маё маленства… Калі дзед памёр, рана, нешта гадоў у 56—57, і падчас калектывізацыі бурылі гумно, то знайшлі царскія грошы, называлі суму, якой нібыта хапіла б на тры дзесяціны зямлі. Не паспеў дзед купіць зямлю. Для нашых бязлесных мясцін, дзе ўся зямля была ворная, тры дзесяціны нямала, у Карме кулакі мелі па 15 дзесяцін». Вось яно што. Аказваецца, тутэйшая кармянская зямля магла стаць фамільнай вотчынай Шамякіных! Шкада, не стала. Мары пра гэта продкаў пісьменніка засталіся няспраўджанымі, а шкадаванні яго самога філасофска-сентыментальнымі. Зрэшты, тэма зямлі ў беларускай літаратуры спрадведку не страчвала сваёй актуальнасці. Культуролаг Пятро Васючэнка неяк зрабіў даволі цікавыя высновы, аналізуючы творчасць нашых знакамітых класікаў. Маўляў, у Купалы выразна адчуваецца трагічны разлад паміж чалавекам і зямлёю: чалавечы дух імкнецца пераадолець зямную цягу, у Кузьмы Чорнага — чалавек, «як Сізіф, прыкаваны да плуга». Што можа атрымацца, калі зямля стане фетышам, цудоўна паказаў Мележ, ну а пра Коласа кожны скажа, што знітаванасці аўтара з зямлёй можна толькі пазайздросціць… Вось і Шамякін адзначае падобнае ў дзённіках: «Хацеў было напісаць аповесць аб сваім лясным маленстве. Але ўспомніў «Новую зямлю»… Лепш не напішаш!» Далей Іван Пятровіч згадвае, як у свой час бацька з сябрамі-леснікамі чытаў уголас гэтую славутую паэму: «Як у нас падгледзеў», — гаварылі тады яны, упэўненыя, што так напісаць мог толькі ляснік. Падобныя запісы сам пісьменнік называў «дакументам настрою аўтара» і эпізадычна вяртаўся да іх на працягу ўсяго жыцця. «Я рэдка сню маленства і мясціны, дзе яно праходзіла», — прызнаваўся Шамякін на схіле гадоў. Але паранейшаму шчымліва трымаў у памяці «леснічоўку з вялікай печчу пасярод — так будавалі яшчэ пры князю Паскевічу», «лясныя дарогі, дзе, здавалася, быў знаёмы кожны корань, аб які збіваў босыя ногі», і рэчку «з халоднай вадою, бо яе абступалі вольхі». Мястэчку Церуха пад Гомелем суджана было ўвайсці ў біяграфію пісьменніка гэтак жа трывала, як і вёсцы Карме.Менавіта там нарадзілася яго першае каханне, якому наканавана было стаць лёсам. Яшчэ ў пятым класе ў натоўпе дзяўчынак яму спадабалася адна, «беленькая, нават трохі рыжаватая, самая далікатная іх — Маша Кротава. Праз сем гадоў яна стала маёй жонкай», сустракаецца прызнанне ў запісах, сабраных у кнізе : «Роздум на апошнім перагоне». — Шкада, што ў школе цяпер не праходзяць раман Шамякіна «Трывожнае шчасце», — зазначае настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кармянскай сярэдняй школы Анатоль Соцкі. — Першая частка пенталогіі «Непаўторная вясна» — надзвычай рамантычная і аўтабіяграфічная, якраз пра тое, як чыстае юнацкае каханне перарасло ў шлюб і спадарожнічала героям на ўсіх жыццёвых скрыжаваннях. Адмысловы знаўца творчасці земляка Анатоль Іванавіч прыгадвае і іншыя творы Шамякіна, у літаратурных вобразах якіх сустракаюцца штрыхі з біяграфій тутэйшых жыхароў. Ва ўтульным класным пакоі месціцца літаратурны куток, прысвечаны любімаму пісьменніку. Праўда, не так даўно значную частку сабраных экспанатаў школа перадала краязнаўчаму музею ў райцэнтры. «У Добрушы матэрыялы захаваюцца лепш», — перакананы і вучні, і настаўнікі. Ну а тое, што засталося, — шырока выкарыстоўваецца на ўроках. Кнігі са стэндаў можна браць у рукі, гартаць і захоплена чытаць на перапынках… Які музей можа сёння такое дзецям дазволіць?!

Глыбокiя плынi жыцця
Класікі не паміраюць
Меню