Трывогі і шчасце Івана Шамякіна

Другі раздзел называецца “Трывогі і шчасце Івана Шамякіна” і пачынаецца ен з кароткага агляда творчасці аўтара (без аналізу твораў)

У раздзеле змешчаны матэрыялы аб творчасці пісьменніка, артыкулы з літаратуразнаўчых часопісаў і газет, водгукі і рэцэнзіі на творы.

Іван Шамякін – з тых літаратараў, якія працуюць вельмі плённа, чуйна рэагуючы на змены, што адбываюцца ў жыцці грамадства. Яны не чакаюць, калі сфармулюецца грамадская думка пра тую ці іншую падзею, а пішуць па гарачых слядах, закранаючы набалелыя пытанні жыцця грамадства, дакранаючыся да балючых кропак яго арганізма.
Мастацкія творы Іван Пятровіч Шамякін пачаў пісаць падчас вучобы ў тэхнікуме. Знаходзячыся на фронце, супрацоўнічаў у армейскім друку. Адным з першых стаў распрацоўваць тэму Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай літаратуры. У 1945 годзе апублікаваў аповесць “Помста” аб падзеях ваеннага ліхалецця. Усеанародная барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў стала тэмай яго першага рамана “Глыбокая плынь”, які быў высока ацэнены крытыкай і чытачамі. Хутка ў свет выходзяць раманы “У добры час” (1952), “Крыніцы” (1957). У тым жа 1957 годзе напісана аповесць “Непаўторная вясна”, якой адкрыўся цыкл аповесцей – “Начныя зарніцы” (1958), “Агонь і снег” (1959), “Пошукі сустрэчы” (1959), “Мост” (1965), – аб’яднаны агульнай назвай “Трывожнае шчасце”. У гэтым цыкле аповесцей шмат аўтабіяграфічнага, аднак успрымаецца ён як твор, у якім раскрыты тыповыя рысы пакалення, на чыю долю выпала шмат выпрабаванняў і нягод у гады ваеннага ліхалецця.
Творчы вопыт, набыты ў працэсе працы над “Трывожным шчасцем”, падняў яго мастацкае майстэрства на новую ступень.
Завяршаючы працу над апошнімі аповесцямі “Трывожнага шчасця”, І. Шамякін адначасова стварае “Сэрца на далоні” (1963) – раман пра жыццё гарадской інтэлігенцыі.
Адзін за адным выходзяць зборнікі апвяданняў “На знаёмых шляхах” (1949), “Дзве сілы” (1951), “Першае спатканне” (1956), “Матчыны рукі” (1961), кніга апавяданнеў і аповесцей “Вячэрні сеанс” (1968). Сярод аповесцей вылучаецца мастацкімі вартасцямі і глыбінёй думкі “Ах, Міхаліна, Міхаліна” (1966), напісаная на матэрыяле з жыцця настаўнікаў.
Пасля рамана “Сэрца на далоні” Іван Пятровіч у рамане “Снежныя зімы” (1968) зноў вяртаецца да тэмы жыцця гарадской інтэлігенцыі. Пасля яго апублікавання крытыка адзінадушна адзначыла павышэнне аналітычнага і мастацкага майстэрства пісьменніка.
Важнай стылявой рысай многіх, асабліва буйных па жанру твораў стала філасофскае, ідэйнае, праблемнае асэнсаванне суадносін мінулага і сучаснага з мэтай больш глыбокага раскрыцця гістарычнага сэнсу падзей. Хвалявала пісьменніка гістарычная тэма і сама па сабе. Тэма Кастрычніцкай рэвалюцыі арыгінальна раскрыта ў апавяданні “Хлеб” (1969), у аповесцях “Першы генерал” (1970) і “Браняпоезд “Таварыш Ленін” (1970), у кінааповесці “Эшалон прайшоў” (1971).
У 1974 г. з’яўляюцца “Атланты і карыятыды”, дзе аўтар даследуе важныя сацыяльна-маральныя і сямейна-бытавыя праблемы. Наогул, раман “Атланты і карыятыды” ў беларускай прозе апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляецца адным з лепшых сацыяльна-псіхалагічных, інтэлектуальна змястоўных раманаў пра сучаснасць. Гэта тэма працягваецца таксама і ў п’есах. П’есы, як і празаічныя творы, будуюцца на вострым сюжэце, насычаны надзённай сацыяльнай праблематыкай. Асабліва вылучаюцца гэтымі вартасцямі драмы “Экзамен на восень” (1972-1973), “…І змоўклі птушкі” (1977).
Іван Шамякін у сваіх творах неаднойчы знітоўваў дзень сучасны з ваенным мінулым. Вайна для пісьменніка, як і ўвогуле для ўсяго даваеннага пакалення, сутнасная, высокая мера ўласнага лёсу, жыцця і рэчаіснасці. Ці ёсць апраўданне злу? Такое надзвычай складанае пытанне паложана ў аснову рамана “Вазьму твой боль” (1979 ).
Вядомыя з’явы і падзеі сярэдзіны – другой паловы 80-х гг. (перабудова, курс на дэмакратызацыю жыцця, Чарнобыль і інш.) прынеслі ў беларускую літаратуру новыя тэмы, новае асэнсаванне мінулага і сучаснасці. Адным з актыўных распрацоўшчыкаў сучаснага матэрыялу зноў стаў І. Шамякін. Ён выбіраў шлях па цаліку. Свой творчы неспакой, пастаяннае імкненне да аналізу сучаснай рэчаіснасці пісьменнік растлумачваў так: “Калі мы будзем імкнуцца адыйсці на нейкую адлегласць, чакаць, калі ўсё супакоіцца, стабілізуецца, а не ісці па гарачых слядах, не думаю, што з’явяцца глыбокія творы пра наша сённяшяе жыццё. Я ніколі не быў прыхільнікам “тэорыі дыстанцыі”. Ні Гогаль, ні Тургенў, ні Дастаеўскі, ні Купала, ні Колас яе не прытрымліваліся”.
Аповесць “Драма” (1988) – яркі мастацкі дакумент часу перабудовы. Аднак Шамякін не быў бы Шамякіным-празаікам, калі б не выявіў сучаснасць праз даследаванне чалавечых характараў у іх складанасці, не раскрыў маральную філасофію паводзін, адносінаў да рэчаіснасці.
У цэнтр пісьменніцкай увагі не магла не трапіць такая трагічная падзея, як Чарнобыль. Найвялікшая драма сучаснасці і ўсяго XX стагоддзя магутна скаланула свядомасць і сумленне ўсёй беларускай нацыі. Раман “Злая зорка” (1991) – першае вялікае эпічнае палатно ў беларускай прозе, у якім адлюстраваны трагедыя Чарнобыля і яго наступствы.
Надзвычай трывожна, з вострай крытычнасцю ўспрымаў І. Шамякін час глыбокага крызісу. У 90-я гг. ХХ стагоддзя грамадства ўвайшло, перажыўшы вялікі сацыяльны і псіхалагічны злом, значна наблізілася да глабальнай катастрофы – чалавечага выраджэння, маральнага самазнішчэння. Усё гэта І. Шамякін паказаў у кнігах прозы “Сатанінскі тур” (1995), “Палеская мадонна” (1998), напісаных у цяжкія і супярэчлівыя дні. Асабліва бязлітасна агаляюць рэчаіснасць аповесці “Падзенне” (1993) і “Без пакаяння” (1995) .
Аповесці “Paradies auf Erden” (1992), “Вернісаж” (1992), “Адна на падмостках” (1993) аб’яднаны тэмай лёсу мастака ў сучасным грамадстве. Стаўленнем, адносінамі да пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў І. Шамякін правярае духоўную паўнацэннасць грамадства і ўвогуле дзяржавы.
У аповесцях І. Шамякіна на тэму сучаснасці часта гучаць маральна-публіцыстычныя разважанні пра страчаныя ідэалы, драму быцця.
Іван Пятровіч Шамякін – прызнаны майстар айчыннай мастацкай прозы. І гэта выдатна падцвярджаюць яго апошнія творы. І як бы не складалася жыццё, ён заўсёды заставаўся верным сабе, сваім ідэалам: “Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё – Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў”.

Дарога ў вялікае жыццё
Сэрца на далонi, сэрца ў творах
Меню